Тэма 14. ВІДЫ МАЎЛЕНЧАЙ КАМУНІКАЦЫІ
Вербальная камунікацыя існуе ў дзвюх формах: вуснай і пісьмовай.
Вуснае маўленне характарызуецца тым, што гэта:
– маўленне, якое гучыць, у ім выкарыстоўваецца сістэма фанетычных і прасадычных сродкаў выражэння;
– яно ствараецца ў працэсе гаварэння;
– для яго характэрныя слоўная імправізацыя і такія моўныя асаблівасці, як свабода ў выбары лексікі, выкарыстанне простых выразаў, ужыванне разам пабуджальных, пытальных, клічных сказаў, паўторы, незакончанасць выразы думкі;
– прадугледжвае наяўнасць суразмоўцы, што дае магчымасць хутка ўплываць на характар прамовы, змяняць яе ў залежнасці ад рэакцыі суразмоўцы;
– для ўзнаўлення вуснага маўлення неабходныя тэхнічныя сродкі.
Пісьмовае маўленне ў сваю чаргу характарызуецца тым, што:
– яно графічна замацаванае;
– яно можа быць загадзя абдумана і выпраўлена;
– яно характарызуецца перавагай кніжнай лексікі, наяўнасцю складаных прыназоўнікаў, строгім захаваннем моўных нормаў, адсутнасцю пазамоўных элементаў;
– яно звернутае да адсутных, таму немагчыма змяніць характар маўлення ў залежнасці ад рэакцыі атрымальніка;
– ёсць магчымасць удасканальваць напісаны тэкст, выпраўляць яго да адпраўлення;
– успрымаецца толькі зрокава;
– напісанае доўга захоўваецца.
Існуе класіфікацыя вуснага маўлення ў залежнасці ад мэты.
- Інфармацыйнае, з дапамогай якога паведамляюцца звесткі, перадаецца інфармацыя (аб’ява, даклад, лекцыя, экзамен).
- Тое, што пераконвае, схіляе слухача да пэўнага пункту гледжання.
- Тое, што падахвочвае да дзеяння (загад, просьба).
- Натхняльнае; якое выклікае эмацыйны ўздым (віншаванні, камлементы, патрыятычныя прамовы).
- Забаўляльнае, якое накіравана на ўзняцце і захаванне настрою.
- Патаемнае, з дапамогай якога чалавек дзеліцца праблемамі, імкнецца атрымаць маральную падтрымку.
Многія прамовы адносяцца да вызначанага тыпу. Але ёсць прамовы, якія ўключаюць элементы розных тыпаў. Напрыклад, кіраўнік можа проста даць інфармацыю, пераканаць у неабходнасці выканання нейкага задання.
У залежнасці ад ролевых адносін паміж партнёрамі вылучаюць жанры вуснага маўлення. Да іх адносяць гутаркі, якія ажыццяўляюцца ў форме дыялогу або палілогу. У ходзе гутаркі можа адбывацца абмен думкамі, абумоўленымі сацыякультурнымі стэрэатыпамі, агульна чалавечымі ісцінамі, нормамі жыцця; абмен звесткамі пра асабістыя інтарэсы; абмен навінамі, звесткамі для зняцця эмацыйнага напружання, практыкаванні ў досціпе. Размова адрозніваецца ад гутаркі мэта-накіраванасцю, выкарыстаннем устойлівых выразаў. Яна можа быць інфармацыйнай. Наступным жанрам маўлення з’яўляецца спрэчка – абмен думкамі з мэтай прыняцця рашэння або высвятлення ісціны. У апавяданні пераважае маналагічная форма маўлення, яго мэтай з’яўляецца перадаць цэласную інфармацыю. Апавяданне можа перарывацца пытаннямі, рэплікамі-ацэнкамі, якія не адносяцца да апавядальніка. Як правіла, моўца з’яўляецца ўдзельнікам апісанай падзеі. Гісторыя таксама маналагічная форма маўлення, але адрозніваецца ад апавядання тым, што моўца не з’яўляецца дзейнай асобай падзеі. Мэтай гісторыі можа быць падвядзенне сэнсавага выніку, супастаўленне з ацэнкай сучасных падзей.
Да жанраў пісьмовай мовы адносяць ліст (пісьмо), запіску і дзённік. Галоўнай умовай перапіскі лістамі павінна быць натуральнасць адносін паміж суб’ектамі камунікацыі. Пісьму характэрная стыхія гутарковай мовы, адвольны характар; важнае месца займаюць формулы прывітання і развітання. Запіску фарміруюць зыходзячы з актуальнасці адных і тых жа абставінаў для ўсіх суб’ектаў камунікацыі. Для яе характэрны кароткі змест, разгорнутае разважанне можа замяняцца адным ці двума словамі, якія адыгрываюць ролю намёку. Дзённікавыя запісы падзяляюць
на два тыпы:
– з арыентацыяй аўтара на апісанне дня як часовай прасторы; характэрна пералічэнне сказанага, вынік, разважанне, планы;
– размова пра сябе ў часе, разважанне пра тое, што хвалюе, плынь свядомасці з падтэмамі галоўнай думкі [27, с. 24].
Пісьмовае маўленне – гэта самастойная цэласная мэтанакіраваная моўная структура, якая забяспечвае зносіны з дапамогай тэксту. Пісьмовы тэкст выступае прадстаўніком аўтара як удзельніка маўленчай камунікацыі.
Пісьмовыя дакументы ўяўляюць сабой складаную форму камунікацыі: для іх складання патрабуюцца не толькі спецыяльныя веды і навыкі, але і творчы падыход да тэксту.
Вылучаюць два асноўныя тыпы ўнутраных тэкставых структур: прадметна-лагічную і свабодную вобразна-асацыятыўную. Прадметна-лагічную структуру маюць тэксты навукова-вучэбныя, афіцыйна-дзелавыя, інфармацыйна-аналітычныя. Свабодная вобразна-асацыятыўная структура характэрная для мастацкіх тэкстаў і патрабуе, як правіла, наяўнасці творчай адоранасці і майстэрства.
Працэс маўленчага продуцыравання прадугледжвае веданне і выкарыстанне шэрага ўзаемазвязаных фактараў, катэгорый, паняццяў. Стварае тэкст аўтар. Часцей за ўсё аўтар індывідуальны, але ён можа быць калектыўным і нават масавым.
Аўтар прыступае да стварэння тэксту ў тым выпадку, калі складваецца сітуацыя, якая выклікае неабходнасць ажыццяўлення гэтага працэсу. Каб скласці тэкст, аўтару неабходна валодаць адпаведным матэрыялам.
Тэкст ствараецца для таго, каб яго ўспрыняў адрасат. Нават мастацкі твор аўтар, часам не маючы поўнай упэўненасці, што ён будзе апублікаваны, усё ж адрасуе нейкай групе чытачоў. Таму аўтар павінен досыць выразна ўяўляць адрасата тэксту і тое, што і як ён успрыме з тэксту і як тэкст можа на яго паўплываць.
Часам навуковец выкладае навуковы змест настолькі складана, што яго цяжка зразумець нават спецыялісту, тады як папулярная манера выкладу пашырыла б кола чытачоў. Уменне пісаць проста грунтуецца на дысцыпліне і арганізацыі мыслення, інтэлектуальнай смеласці, а таксама многіх іншых якасцях, якія не зводзяцца проста да кароткіх слоў і кароткіх фраз. Яснае і зразумелае маўленне – гэта вынік прастаты, а не сродак яе дасягнення.
Мэты стварэння тэксту могуць быць розныя: знешнія і ўнутраныя, адкрытыя і схаваныя, усвядомленыя і неўсвядомленыя, аб’ектыўныя і суб’ектыўныя, сапраўдныя і ілжывыя. Напрыклад, адзін паступае ва ўніверсітэт, каб стаць адукаваным чалавекам і кваліфікаваным спецыялістам, а другі – каб атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі і добрую пасаду.
Пад прадметам маўленчага прадуцыравання разумеецца нейкая цэласная частка сапраўднага свету, адлюстраваная ў маўленчым творы. Гэта можа быць чалавек, матэрыяльны абъект, з’ява, падзея.
Пад тэмай разумеецца тое галоўнае, пра што гаворыцца ў тэксце; гэта і матэрыял, адабраны і арганізаваны ў адпаведнасці з задачамі тэксту, гэта і прадмет, адлюстраваны ў пэўным ракурсе, які стаў зместам тэксту.
Праблема – гэта тая разумовая задача, якую аўтар павінен вырашыць у тэксце. Праблема нярэдка настолькі цесна звязана з тэмай, што падзяліць іх бывае вельмі цяжка. У гэтым выпадку можна казаць аб праблемнай тэме.
Акрамя таго, паняцці прадмета, тэмы і праблемы канкрэтызуюцца ў залежнасці ад жанрава-стылістычнай прыналежнасці тэксту. Пад жанрам у гэтым выпадку разумеюцца калектыўна выпрацаваныя ў працэсе камунікатыўна-маўленчага вопыту і развіцця тыпавыя мадэлі тэксту. Кожны жанр прадугледжвае пэўны фізічны аб’ём тэксту, прынцыпы адбору і размяшчэння слоўнага матэрыялу і яго стылістычнага афармлення адпаведна ўмовам і мэтам зносін.
Жанр можа альбо свабодна выбірацца аўтарам, альбо прадпісвацца яму. Калі аўтар мае права выбіраць жанр, то веданне жанравых крытэрыяў дапамагае паспяхова прагназаваць, у якім жанры задуманы змест можа аптымальна ўвасобіцца. Калі ж жанр прадпісаны, то веданне яго законаў дапамагае аўтару вызначыць неабходны аб’ём тэксту і выбраць стылістыка-маўленчае афармленне.
Тэкст ствараецца, як правіла, ад агульнага да прыватнага, але ўспрымаецца ў асноўным ад прыватнага да агульнага. Іншымі словамі, чытач па запомненых фрагментах узнаўляе змест тэксту; аўтар жа стварае тэкст, адштурхваючыся ад агульнай тэмы, праблемы, мэты.
Кажучы пра змест, адрозніваюць тры яго віды: тэкставы, затэкставы і падтэкставы. Затэкставы змест нясуць звычайна навуковыя і навучальныя тэксты, значная частка газетных інфармацыйных тэкстаў, а таксама інфармацыйна-аналітычныя і афіцыйна-дзелавыя тэксты.
Падтэкставы змест абапіраецца на намёк, пра які адрасат можа ці павінен здагадацца. У тэксце можа таксама з’явіцца падтэкставы змест, аўтарам не прадугледжаны, нават непажаданы [33, с. 20–27].
Чытанне – рэцэптыўны від маўленчай дзейнасці, звязаны са зрокавым успрыманнем маўленчага паведамлення, закадзіраванага з дапамогай графічных сімвалаў, г. зн. літар. Сутнасць працэсу чытання складаецца ў дэкадзіраванні (расшыфроўцы) графічных знакаў і перакладзе іх у разумовыя вобразы. У адпаведнасці з гэтым працэс чытання складаецца з двух асноўных этапаў: этапу зрокавага ўспрымання і этапу асэнсавання (інтэрпрэтацыі) прачытанага.
На этапе зрокавага ўспрымання важную ролю адыгрываюць тэхнічныя навыкі чытання, якія можна ахарактарызаваць з дапамогай наступных паказчыкаў:
– вастрыня зроку;
– хуткасць і характар руху вачэй па тэксце;
– памер поля зроку, г. зн. участка тэксту, выразна ўспрыманага вачыма пры адной фіксацыі погляду. Звычайна поле зроку чалавека складае 1,5–2 словы (10–15 літар) за адну фіксацыю.
На этапе асэнсавання (інтэрпрэтацыі) прачытанага адбываецца разуменне сэнсу асобных слоў, сказаў, усяго тэксту. Часам гэта адбываецца паслядоўна, а ў асобных выпадках адначасова. Тут жа часта ажыццяўляецца разуменне падтэксту, што асабліва актуальна пры чытанні публіцыстычных твораў і мастацкай літаратуры.
На другім этапе важныя інтэлектуальныя навыкі чытання: уменне вылучаць галоўную і асноўную інфармацыю, здольнасць да запамінання, здольнасць да канцэнтрацыі ўвагі і г. д.
Для паспяховай вучэбнай і прафесійнай дзейнасці кожнаму варта папрацаваць над уласнымі навыкамі чытання і дамагчыся хоць бы сярэдняй хуткасці і добрага засваення прачытанага. Для гэтага неабходна ведаць асноўныя недахопы традыцыйнага чытання.
Недахопы традыцыйнага чытання:
- Рэгрэсія, г. зн. неапраўданыя, механічныя звароты да ўжо прачытанага, з’яўляюцца самым распаўсюджаным недахопам традыцыйнага чытання. Амаль усе людзі чытаюць любы тэкст двойчы незалежна ад яго складанасці. Пры традыцыйным чытанні колькасць рэгрэсій складае ў сярэднім 10–15 на кожныя 100 слоў. Гэта, безумоўна, запавольвае працэс чытання.
- Артыкуляцыя, г. зн. унутранае прагаворванне чытаемага тэксту, уласцівая вельмі многім. Яна фарміруецца яшчэ ў дзяцінстве, калі дзіця вучыцца чытаць. Паступова паміж чытаемым і вымаўляемым словам усталёўваецца рэфлекторная сувязь і складваецца звычка прамаўляць тэкст спачатку ўслых, потым шэптам, затым самому сябе. Рух вуснаў, языка і іншых органаў маўлення пры чытанні самому сабе запавольваецца толькі вонкава. На самай справе яны знаходзяцца ў пастаянным схаваным руху. Інтэнсіўнасць гэтых мікрарухаў залежыць ад узроўню развіцця навыкаў чытання і складанасці тэксту. Унутранае прагаворванне моцна запавольвае хуткасць чытання, паколькі хуткасць маўлення ў чатыры разы меншая за хуткасці працы думкі.
- Малое поле зроку. Пры традыцыйным чытанні, калі за адну фіксацыю погляду ўспрымаецца адно-два словы, вачам даводзіцца рабіць шмат прыпынкаў. Чым шырэйшае поле зроку, тым больш інфармацыі ўспрымаецца пры кожным прыпынку вачэй, тым менш гэтых прыпынкаў, таму працэс чытання больш эфектыўны. Чалавек, навучаны тэхніцы чытання, за адну фіксацыю погляду можа ўспрымаць не два-тры словы, а ўвесь радок, а часам і абзац.
- Слабае развіццё механізму сэнсавага прагназавання. Уменне прадбачыць напісанае і рабіць сэнсавыя здагадкі называюць таксама з’явай антыцыпацыі. Пры адсутнасці такога ўмення чалавек вымушаны чытаць тэкст ад і да кожнага слова, склада, літары, хоць часам пры чытанні толькі першых двух-трох літар сэнс слова становіцца досыць ясным. Сапраўды гэтак жа па спалучэннях слоў у сказе часта можна меркаваць аб тым, якое слова будзе напісана далей.
- Нізкі ўзровень арганізацыі ўвагі. Увагу называюць каталізатарам працэсу чытання. Хуткасць чытання большасці чытачоў нашмат ніжэйшая за тую, якую яны маглі б мець без шкоды для разумення, калі б маглі кантраляваць сваю ўвагу. У чалавека, які павольна чытае, увага хутка пераключаецца на староннія думкі і прадметы, таму цікавасць да тэксту зніжаецца. Такі чалавек чытае механічна, а сэнс прачытанага не даходзіць да свядомасці. Уменне кіраваць сваёй увагай – найважнейшая ўласцівасць, якую неабходна трэніраваць для ўдасканалення навыкаў чытання.
- Адсутнасць гнуткай стратэгіі чытання. Звычайна людзі, пачынаючы чытаць, не ставяць перад сабой ніякай мэты, не выкарыстоўваюць правілаў апрацоўкі тэксту. Таму многія, прачытаўшы кнігу, артыкул, не памятаюць іх назвы, аўтара, не могуць вылучыць асноўныя ідэі аўтара, сціснута выкласці змест прачытанага. Адным з важных прыёмаў чытання з’яўляецца выкарыстанне розных праграм чытання, г. зн. алгарытмаў чытання.
Існуюць спецыяльныя прыёмы, якія дазваляюць пераадолець пералічаныя недахопы. Адным з такіх прыёмаў з’яўляецца ўменне выбраць неабходны спосаб чытання ў залежнасці ад мэты.
Перш чым пачаць чытанне, неабходна выбраць пэўны рэжым, у якім вы будзеце чытаць. Гэты рэжым залежыць ад матэрыялу, які трэба будзе прачытаць, і ад мэты чытання. Рэкамендуецца класіфікаваць тэксты, прызначаныя для чытання, у залежнасці ад мэты чытання.
У найбольш агульным выглядзе такая класіфікацыя выглядае наступным чынам:
1) тэксты, якія неабходна падрабязна вывучыць;
2) тэксты, з якімі варта азнаёміцца;
3) тэксты, з якіх трэба выбраць пэўную інфармацыю.
Неабходна адзначыць, што аднясенне тэксту да той ці іншай групы залежыць не ад яго стылістычнай і жанравай прыналежнасці, а вызначаецца выключна прагматычнай устаноўкай чалавека.
Напрыклад, калі артыкул з папулярнага часопіса неабходна дэталёва вывучыць, каб выкарыстоўваць змешчаную ў ім інфармацыю пры складанні агляду ці рэферата, то гэты артыкул будзе аднесены да першай групы; калі часопіс чытаецца ў забаўляльных мэтах, то артыкул будзе аднесены да другой групы; нарэшце, калі вам паведамілі, што ў гэтым артыкуле ўтрымліваюцца некаторыя важныя для працы звесткі (напрыклад, статыстычныя даныя), то яе варта аднесці да трэцяй групы.
Спосабы, або віды, чытання – гэта стратэгіі, якія выкарыстоўваюцца пры чытанні тэкстаў розных груп. Вылучаюць наступныя асноўныя спосабы чытання.
- Паглыбленае чытанне. Пры такім чытанні неабходна зразумець, якую праблему вырашае аўтар, якія яго пункт гледжання і высновы. Для гэтага неабходна асэнсаваць структуру тэксту, супаставіць высновы аўтара з уласнымі развагамі. Пры гэтым звяртаецца ўвага на дэталі тэксту, ажыццяўляецца аналіз і ацэнка. У выніку тэкст павінен быць цалкам засвоены, уся інфармацыя павінна быць перапрацаваная. Неабходна пастарацца запомніць асноўную частку тэксту, каб пасля ёю можна было скарыстацца.
- Азнаямляльнае чытанне. Мэта такога спосабу чытання – агульнае знаёмства са зместам тэксту. Пры гэтым увага надаецца аналізу не тэксту, а яго інфарматыўнага боку – як правіла, толькі асноўнай інфармацыі. Пры такім спосабе чытання дастаткова зразумець, якія істотныя факты ўтрымліваюцца ў тэксце. Акрамя таго, варта запомніць выходныя дадзеныя тэксту. Азнаямляльнае чытанне выкарыстоўваецца пры чытанні тэкстаў другой групы – звычайна гэта тэксты публіцыстычнага стылю (газетныя і часопісныя артыкулы), а часам і мастацкая літаратура.
- Выбарачнае чытанне. Калі ў тэксце вас цікавіць нейкая пэўная інфармацыя або навізна прыведзеных звестак, то варта выкарыстоўваць выбарачнае чытанне. Пры гэтым можна не аналізаваць усе змешчаныя ў тэксце факты – дастаткова зразумець, што новага, важнага і карыснага для вас змяшчаецца ў такім тэксце. Такі спосаб ужываецца пры чытанні тэкстаў трэцяй групы – гэта могуць быць тэксты любога жанру і стылю: навуковага, афіцыйна-дзелавога, публіцыстычнага, мастацкага.
- Чытанне-прагляд. Адной з разнавіднасцей выбарачнага чытання з’яўляецца чытанне-прагляд, якое выкарыстоўваецца для папярэдняга азнаямлення з кнігай. Яно заключаецца ў тым, што чытаецца змест кнігі, прадмова (выбіраюцца найбольш важныя палажэнні аўтара), заключэнне. Мэта такога чытання – вызначэнне таго, ці варта купіць кнігу, замовіць у бібліятэцы, ці трэба яе чытаць і да т. п.
- Сканіраванне – гэта хуткі прагляд друкаванага тэксту з мэтай пошуку прозвішча, слоў, фактаў і да т. п. Пры гэтым вочы рухаюцца, як правіла, у вертыкальным кірунку па цэнтры старонкі, зрок працуе выбарачна: чытач мае ўстаноўку знайсці толькі патрэбную інфармацыю. Каб авалодаць такім спосабам чытання, неабходна развіваць прыёмы тэхнікі чытання, пашыраць поле зроку, трэніраваць выбіральнасць увагі.
- Хуткае чытанне. Гэты спосаб чытання патрабуе спецыяльнай трэніроўкі і характарызуецца не толькі высокай хуткасцю чытання, але і высокай якасцю засваення прачытанага. Яно грунтуецца на пэўных правілах (алгарытмах) і па глыбіні разумення і запамінання не саступае паглыбленаму чытанню.
Уменне гаварыць у чалавека складаецца з самавалодання, здольнасці кіраваць часам і ўменнем усталёўваць і падтрымліваць кантакт з іншымі людзьмі. Самавалоданне шмат у чым залежыць ад таго, наколькі моўца ведае прадмет прамовы, ад узроўню яго самастойнасці ў падрыхтоўцы паведамлення, наяўнасці напісанага тэксту, які лягчэй запамінаецца, утрымліваецца ў памяці, асэнсоўваецца, спрыяе аднаўленню ходу думак. Уменне кантактаваць са слухачом залежыць ад здольнасці моўцы кіраваць сваім голасам і манерамі.
Гаварэнне як любая дзейнасць пэўным чынам плануецца і будуецца. Структурнымі складнікамі прамовы і яе кампазіцыі з’яўляецца зачын, уступ, асноўная частка, заключэнне і канцоўка. Кампазіцыяй называюць заканамернае, матываванае зместам і задумай размяшчэнне ўсіх частак выступу і мэтазгодныя іх суадносіны, г. зн. пэўная сістэма арганізацыі матэрыялу.
Зачын стварае дакладнае ўяўленне пра стаўленне аўтара да аўдыторыі пра накіраванасць і тэму выступу. Зачын павінен прыцягваць увагу. Для гэтага выкарыстоўваюцца простыя, зразумелыя, жыццёвыя словы, заўвагі, прыказкі і да т. п.
Уступ характарызуецца змястоўнасцю, насычанасцю, ён псіхалагічна падрыхтоўвае слухача да сутнасці прамовы, уводзіць у працэс успрымання. Можа давацца кароткае апісанне праблемы, паказвацца спецыфіка тэмы, яе актуальнасць і значнасць.
У асноўнай частцы выкарыстоўваюцца факты, доказы, аргументы, аналізуюцца прыклады, г. зн. раскрываецца прадмет гаворкі.
Заключэнне з’яўляецца канцом прамовы, які павінен быць звязаны з пачаткам. У прамове часта выкарыстоўваецца закон “краю” – калі тое, што неабходна лепш запомніць, даецца ў пачатку і ў канцы. У заключэнні неабходна паўтарыць асноўную думку, падсумаваць найбольш важныя палажэнні, узмацніць эфект выступу, натхніць і актывізаваць слухача.
Канцоўка можа ўтрымліваць пажаданні, паведамленне пра што-небудзь, якія не маюць непасрэднага дачынення да зместу гаворкі. Яна стварае агульны станоўчы эмацыйны фон выступу.
Структура прамовы залежыць ад метаду выкладу матэрыялу:
- Індуктыўны. Матэрыял выкладаецца ад прыватнага да агульнага, г. зн. пачынаецца паведамленне ад прыватных выпадкаў, затым паступова падводзіцца да абагульненняў і высноў.
- Дэдуктыўны (ад агульнага да прыватнага). У прамове вылуча-юцца палажэнні, а затым тлумачыцца іх сэнс на канкрэтных прыкладах, фактах.
- Метад аналогіі, пры якім ідзе супастаўленне розных з’яў, падзей, фактаў. Звычайна паралель праводзіцца з тым, што добра ўсім вядома.
- Канцэнтрычны метад. Матэрыял размяшчаецца вакол галоўнай праблемы, далей ад разгляду цэнтральнага пытання пераходзяць да больш канкрэтнага і паглыбленага аналізу розных яго аспектаў.
- Прыступкавы. Ажыццяўляецца паслядоўны выклад аднаго пытання за адным, пры гэтым разгледзеўшы якую-небудзь праблему, моўца ўжо да яе не вяртаецца.
- Гістарычны. Матэрыял выкладаецца ў храналагічным парадку, пры якім апісанне і аналіз змяненняў адбываецца з улікам часу.
Усе часткі прамовы ўзаемазвязаны. Пабудова прамовы адбываецца з дапамогай пэўных формаў сувязі. Напрыклад, з дапамогай кагезіі – адмысловага тыпу счаплення, які забяспечвае залежнасць асобных частак прамовы. Яна дазваляе глыбей зразумець змест выступу, запомніць яго асобныя фрагменты, размешчаныя на некаторай адлегласці адзін ад аднаго. Кагезія можа выяўляцца рознымі паўторамі, словамі, словазлучэннямі, якія абазначаюць часавыя, прасторавыя і прычынна-выніковыя адносіны: “такім чынам”, “па-першае”, “наступнае пытанне”, “паглядзім далей”, “з аднаго боку”, “прымаючы пад увагу”, “між тым”, “нягледзячы на гэта...” і інш.
У прамове могуць выкарыстоўваць іншую форму выказвання – рэтраспекцыю. Яна адсылае слухачоў да папярэдняй змястоўнай інфармацыі, якая можа і не належаць гэтаму выступу. Прыкладам рэтраспекцыі могуць быць такія выразы, як “перш за ўсё я нагадаю пра што мы казалі”, “як мы ведаем”, “як было сказана раней” і інш. Элементы прамовы, якія адносяць змястоўную інфармацыю да таго, пра што будзе гаварыцца ў наступных частках выступу, называюць праспекцыяй. Яна дае магчымасць слухачу ясней уявіць сувязь і ўзаемаабумоўленасць думак і ідэй. Прыкладам праспекцыі могуць быць выразы тыпу “далей мы разгледзім”, “пазней мы зразумеем” і г. д.
Важным у вуснай камунікацыі з’яўляецца ўсталяванне і ўтрыманне кантакту з аўдыторыяй. Рэкамендуюць выкарыстоўваць пэўныя маўленчыя прыёмы для дасягнення гэтай мэты. Напрыклад, ужываць займеннік “мы”, які дапамагае ствараць і перадаваць атмасферу ўзаемаразумення, запрашае да сумеснага разважання пра якія-небудзь факты. Аб’яднанню суб’ектаў камунікацыі спрыяюць дзеяслоўныя формы “вернемся да пытання”, “паспрабуем зразумець” і да т. п. Іншымі спосабамі ўстанаўлення кантакту з рэцыпіентамі могуць быць уступныя канструкцыі звароту да слухачоў (“як вы разумееце”), даданы сказ (“вядома, што”), пабуджальныя сказы (“пагадзіцеся”, “вазьміце”), якія заклікаюць чалавека да дзеяння, і іншае.
Можна прапанаваць наступныя спосабы прыцягнення і падтрымання увагі:
– кароткі гістарычны экскурс;
– стварэнне праблемнай сітуацыі (пазначыць некалькі пунктаў гледжання па прадмеце выступу);
– адхіленне, калі звыклае, штодзённае падаецца пад нечаканым вуглом гледжання. Напрыклад, пра сур’ёзнае гаварыць з гумарам;
– псіхалагічныя паўзы, звязаныя з падтэкстам, націскам (5–7 секунд);
– імправізацыя, калі можна расказаць пра тое, што адбылося падчас або напярэдадні выступу або перад ім (“Калі я ішоў на сустрэчу з вамі...”);
– форма выступу “пытанне – адказ” актывізуе разумовую дзейнасць;
– жарты, якія ажыўляюць успрыманне;
– вылучэнне гіпотэз: “А што, калі выказаць здагадку”; “Уявім сабе”;
– крылатыя фразы, выказванні выбітных асоб, прыказкі, прыклады з мастацкай літаратуры, жыцця.
Не менш важным у працэсе маўленчай камунікацыі з’яўляецца ўменне пераконваць. Сам феномен мае складаную структуру, ён уключае веды, эмоцыі, валявыя кампаненты. Адрозніваюць некаторыя віды пераканання. Напрыклад, перакананні, адрасаваныя да розуму (інфармаванне, тлумачэнне, доказ, абвяржэнне), і перакананні, накіраваныя на падсвядомасць. Перш чым пераконваць чалавека, яго трэба зразумець, высветліць прычыны нязгоды, прыцягнуць да сумеснага абмеркавання. Існуюць спецыяльныя правілы пераканання:
- Правіла Гамера. Чарговасць аргументаў павінна быць арганізавана такім чынам: моцныя аргументы – сярэднія – самыя моцныя (ацэнка аргументаў ажыццяўляецца з боку камунікатара).
- Важнае пытанне ў мэтах атрымання станоўчага рашэння трэба ставіць на трэцяе месца. Перад гэтым неабходна задаць два простыя, кароткія пытанні, на якія адрасат дасць станоўчы адказ “Так”.
- Не варта ў працэсе камунікацыі паніжаць свой статус. Многія гутаркі пачынаюцца з выбачэнняў, няўпэўненасці, якія прыніжаюць чалавека: “Прабачце, я не перашкодзіў?”, “Калі ласка, калі ў вас ёсць час мяне выслухаць…”, “Відаць, вам не вядомыя некаторыя абставіны...”, “Улічваючы гэтыя абставіны і вашыя меркаванні, ці не здаецца вам...”.
- Пачынаць варта з таго, у чым згодныя з суразмоўцам, а не з момантаў, якія раздзяляюць вас з суразмоўнікам.
- Пазбягаць канфліктагенаў – слоў, дзеянняў, якія правакуюць канфлікт, праяў перавагі, агрэсіі, нявыхаванасці (насмешкі, заўвагі, хвальба, перабіванне, навязванне саветаў, падман і інш.) [27, с. 65].
У дасягненні эфектыўнасці вуснай камунікацыі вялікае значэнне мае ўменне слухаць суразмоўцу. Пры ацэнцы кампетэнцыі чалавека як удзельніка камунікацыі ў першую чаргу ацэньваецца навык слухання. У сучасным свеце чалавек запамінае толькі 25 % таго, што чуе. Прычынай неразвітага ўмення слухаць навукоўцы называюць недахоп сістэмы адукацыі, якая робіць упор на развіццё навыкаў ўмення гаварыць, чытаць і пісаць.
Уменне слухаць чалавека залежыць ад здольнасці валодаць мовай, слоўнікавага запасу, настрою, узроўню цікавасці да тэмы камунікацыі, установак на адносіны да яе, здольнасці структураваць паведамленне і інш. На працэс ўспрымання паведамлення аказваюць многія фактары, якія называюць бар’ерамі слухання.
- Аб’ём прамовы.
- Фізіялагічная прычына: чалавек думае хутчэй, чым гаворыць. Ён здольны ўспрымаць да 500 слоў у хвіліну, а сярэдняя хуткасць маўлення складае 150 слоў у хвіліну. Ствараецца вольны час, які слухач запаўняе абдумваннем сваіх праблем, планаў, можа падганяць моўцу.
- Уласны клопат, уражанні.
- Адхіленне ад тэмы, як якая выходзіць за межы цікавасці, якая не адпавядае ўзроўню суразмоўцы.
- Ацэнка знешняга выгляду суразмоўцы, ад чаго рассейваецца ўвага.
- “Сігнальныя” словы ў прамове, якія могуць выклікаць неспакой, душэўнае хваляванне, г. зн. любы эмацыйны водгук. Людзі адхіляюцца на ўспаміны і развагі.
Вылучаюць рэфлексіўнае, нерэфлексіўнае і эмпатычнае слуханне. Рэфлексіўнае характарызуецца актыўнай зваротнай сувяззю з моўцам, выкарыстаннем славеснай формы для пацверджання разумення паведамлення. Для гэтага ўжываюць такія віды рэфлексіўных адказаў, як высвятленне (“Што вы маеце на ўвазе”, “Удакладніце, калі ласка”); перафразаванне (“Як я зразумеў вас...”, “Іншымі словамі…”); рэзюмаванне (“З усяго сказанага вынікае...”, “Як я зразумеў, асноўнае…”). Нерэфлексіўнае слуханне заключаецца ва ўменні ўважліва маўчаць, не ўмешваючыся ў размову. Гэты від слухання можа выяўляцца ў такіх слоўных формах, як “Так”, “Працягвайце”, “Гэта цікава”, “Разумею”. Эмпатычнае слуханне дапамагае зразумець уласную сітуацыю і праблемы таго, хто гаворыць. З боку слухача неабходна разуменне пачуццяў, перажытых чалавекам, выражэнне свайго разумення гэтых пачуццяў. Улоўліваць эмацыйную афарбоўку паведамлення, яго значэнне для суразмоўцы дапамагаюць такія славесныя формы, як “Вам варта”, “Магчыма”, “Хіба гэта праблема?”, “Не турбуйцеся пра гэта”.
Даследчыкі адрозніваюць некаторыя тыпы дрэнных слухачоў:
– “псеўдаслухач”, або прытворшчык. Ён глядзіць на таго, хто гаворыць, ківае галавой, прамаўляе выклічнікі, паказвае ўвагу, але на самой справе не чуе, што яму кажуць. Прычынамі могуць быць уласны клопат, нуда, будучыя падзеі;
– “выдумшчык”, які не даслухоўвае, прыдумляе падзеі або рэагуе ў адпаведнасці з уласнай логікай, вопытам;
– “самаўлюбёны”, які хоча, каб слухалі толькі яго, не жадае слухаць іншых, часта перабівае, бярэ ініцыятыву ў камунікацыі на сябе;
– “пчала” слухае толькі тое, што цікава яму, важна для яго, больш арыентуецца на дэталі паведамлення;
– “джала” чакае, ловіць момант, калі суразмоўца дапусціць памылку, агаворку, каб сказаць пра гэта і адвесці гутарку ў новую тэму.
Рэкамендуюць прытрымлівацца наступных прынцыпаў, якія дапамагаюць павышаць эфектыўнасць слухання:
- Знаходзіць цікавасць у прадмеце размовы.
- Выкарыстоўваць позу актыўнага слухання (корпус наперад).
- Старацца ацэньваць змест, а не манеру выкладу.
- Весці менш падрабязныя запісы.
- Задаваць падчас гутаркі ўдакладняльныя пытанні, якія ажыўляюць слуханне і нясуць дадатковую нагрузку мысленню.
- Адносіцца да суразмоўцы без прадузятасці.
- Старацца прадбачыць далейшы ход думак (напрыклад, па інтанацыі голасу).
- Трэніраваць розум цяжкімі тэмамі.